↑

Чыноўнікам спатрэбілася паўгода, каб выправіць памылку ў назве. Але не ўсюды

Салiдарнасць 2018-12-08 10:45:00

Прыкладна з лета па канец лістапада на перонах станцыі «Жодзіна Паўднёвае» любы пасажыр мог назіраць на афіцыйна ўсталяваных тут шыльдах дастаткова дзіўныя надпісы.

Пасля таго, як у жніўні 2018 licviny.info звярнуў увагу на выгляд новых шыльдаў чыгуначнай станцыі ў Жодзіне, адказныя асобы нават не паварушыліся.

Вось такія надпісы, з памылкаю ў канчатку слова «Паўднёвае», правіселі тут з лета амаль да пачатку зімы.

Зусім нядаўна ўсе чатыры шыльды замянілі, а памылку выправілі. І «Жодзіна Паўднёвае» нарэшце атрымала сваю законную літару «Е» ў канчатку слова.

Здзіўляе, што ні супрацоўнікі чыгункі, ні адказныя гарадскія чыноўнікі гэтага доўгі час быццам бы і не заўважалі.

Шыльды замянілі толькі пасля асабістай размовы ў «выканкамаўскім кабінеце», дзе прадстаўніку ТБМ і Licviny-INFA прыйшлося нагадаць кіраўніцтву пра «непрывабны твар мясцовае ўлады», якая ўпарта дэманструе, што не ведае альбо не жадае ведаць ні правілаў граматыкі, ні нормаў дзейснага беларускага заканадаўства, ні дзяржаўнай мовы наогул.

Дарэчы, шыльды з памылкамі з’явіліся ў выніку перадсвяточных абнаўленняў пры падрыхтоўцы да святкавання 55-годдзя Жодзіна. Тады ж новы надпіс атрымаў і прыпынак цягнікоў. Вось толькі замест правільнай беларускай назвы «Жодзіна Паўднёвае», якая была тут раней, усталявалі рускамоўны варыянт «Жодино Южное», што парушае патрабаванне Закону «Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў» ад 2010 года.

Жодзінскія ўлады, якія нарэшце ліквідавалі памылку на шыльдах, чамусьці ўпарта адмаўляюцца выправіць недарэчнасць з назвай на прыпынку. На звароты актывістаў пра парушэнне закону Мінаблвыканкам сцвярджае, што ў вобласці строга выконваюцца нормы заканадаўства. Між тым вось ужо паўгода над будынкам станцыі красуецца не беларуская назва

Акрамя гэтага праблемы засталіся і з напісаннем асобных беларускіх літар на шыльдах з раскладам руху. Замест «ў» («у» нескладовага) у надрукаваных раскладах руху цягнікоў сустракаюцца «у» з апострафам.

Дарэчы, такія ж вынаходніцтвы ў напісанні, можна сустрэць і на чыгуначных станцыях у Мінску.

Чаму на клавіятуры ў дзяржустановах дагэтуль — на 27-м годзе незалежнасці Беларусі — адсутнічае «беларускамоўная раскладка», не цяжка здагадацца. Але што замінае адказным за выраб такіх шыльдаў дзяржслужбоўцам — жыхарам «ІТ-краіны» Беларусі — усталяваць сабе на працоўны камп’ютар такую «раскладку», зразумець складана.

Похожие новости


Последние новости недели